Футбалісты "Оршы" адправіліся ў далёкую Бярозу на матч 14-га туру 1-й лігі Беларусі. За клуб дэбютаваў навічок - 22-гадовы нападнік Віталь Ганіч. На вялікі жаль, і гэтая гульня прынесла "сіня-белым" расчараванне, хаця бярозаўцы перад гульнёй апярэджвалі "Оршу" толькі на 4 пункты. Калі першы тайм прайшоў у роўнай барацьбе без асабліва небяспечных момантаў, дык у другой палове сустрэчы "Бяроза" завалодала поўнай перавагай. На 59-й хвіліне Мікіта Капленка прыгожым ударам з-за межаў штрафной адкрыў лік - 1:0. На 67-й ён жа ўдарам галавой пасля падачы вуглавога падвоіў лік - лічбы 2:0 сталі канчатковымі. Абарона "Оршы" ліквідавала яшчэ некалькі выпадаў суперніка, а вось у атацы гасцям нічога небяспечнага стварыць не ўдалося.
Склад "Оршы": Гудзенка, Шарыпа, Данілкоў, Саколка, Ганіч (А.Смірноў, 68), Знак, Суздальцаў (Малафееў, 66), Данілковіч (Асіпенка, 73), Казарын, Кісялёў, Усачоў.