Сустрэча 17-га туру чэмпіянату Беларусі ў 1-й лізе прынесла чарговую паразу "Оршы". Нягледзячы на тое, што "Хімік" — сусед "сіня-белых" па турнірнай табліцы, аршанцы прайгралі з разгромным лікам. Яшчэ ў першым тайме былі прапушчаныя адразу тры галы. Спачатку на 18-й хвіліне абаронца "Оршы" Ілля Шарыпа няўдала вынес мяч са штрафной, і гэтым скарыстаўся форвард "хімікаў" Кірыл Сідарэнка. Літаральна праз пару хвілін Ілля Заценка рэалізаваў выхад сам-насам з брамнікам "Оршы". На 32-й хвіліне Канстанцін Легін прамым ударам са штрафнога прабіў Навічкова ў трэці раз - 3:0. Неўзабаве светлагорцы маглі забіць са штрафнога ізноў, але мяч прасвісцеў побач са стойкай.
На самым старце другой паловы Максім Дашук зрабіў лік непрыстойным - 4:0. У далейшым пару неблагіх момантаў мелі аршанцы Данілковіч і Знак, а светлагорцы таксама некалькі разоў пагражалі браме гасцей. Аднак галоў больш не было. Канчатковы лік - 4:0 на карысць светлагорскага "Хіміка".
Варта адзначыць, што гульня пачыналася а 19:00, у выніку апошнія хвіліны каманды гулялі практычна ў цемры, але да новых забітых мячоў гэта не прывяло.
Астатнія вынікі туру: Крумкачы - Кобрын - 3:0, Смаргонь - Слонім - 5:1, Рэчыца - Іслач - 0:4, Баранавічы - Смалявічы - 1:2, Зорка-БДУ - Дняпро - 0:2, Ліда - Бяроза - 1:2, Гомельчыгункатранс - Гарадзея - 2:3.