Наталля Міхневіч (Харанэка) з вёскі Высокае Аршанскага раёна і аршанка Аліна Талай прадставяць Беларусь на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы. Вопытныя спартоўкі не раз выступалі на самых адказных спаборніцтвах, таму ў Пекін яны пастараюцца адправіцца на піку фізічнай формы. Міхневіч выступіць у штурханні ядра, Талай у бегу на 100 метраў з бар'ерамі.
У Талай пакуль няма медалёў дарослых чэмпіянату свету, а вось Міхневіч выйгравала золата і бронзу. Праўда, гэта было на чэмпіянатах свету ў закрытых памяшканнях.
Чэмпіянат свету пачнецца 22 і скончыцца 30 жніўня. Абедзьве спартоўкі афіцыйна ўключаны ў склад нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь. Пра гэта аб'явіў галоўны трэнер каманды Ігар Сівадзедаў.