У сталіцу Кітая на чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы адправіліся Наталля Міхневіч - з Высокага Аршанскага раёну і Аліна Талай з Оршы. Беларускі з'яўляюцца прэтэндэнткамі на медалі ў сваіх дысцыплінах.
Наталля пачне спаборнічаць яшчэ ў самы першы дзень - 22-га жніўня. У ранішняй праграме пройдуць кваліфікацыйныя спаборніцтвы ў штурханні ядра, на той момант у Беларусі будзе 5:10 раніцы. Калі ў Пекіне будзе ўжо вечар, а ў Оршы 15:05, пройдзе фінал, у які, спадзяёмся, Міхневіч патрапіць і будзе змагацца за ўзнагароды.
Аліна выйдзе на старт 27-га жніўня. У забегу яна стартуе тады, калі ў Беларусі будзе 6:15 раніцы. Паўфінальныя забегі пачнуцца 28-га жніўня ў 14:25 па беларускім часе. Фінальны забег — у 16:35 па беларускім часе таго ж дня.