Па ініцыятыве нашага сайта ў Оршы пройдзе грамадскі кольны стол на тэму "Як павялічыць наведваемасць спартовых мерапрыемстваў? Праблемы і магчымасці павелічэння колькасці гледачоў на спартовых мерапрыемствах у г. Орша". З аднаго боку на ўзроўні ўсёй краіны наш горад па наведваемасці спартовых мерапрыемстваў выглядае вельмі пазітыўна - валейбольны клуб "Узлёт" - адзін з нямногіх, які мае сваіх фанатаў, футбольны клуб "Орша" папулярней за многія клубы вышэйшай лігі, а на мотакрос паглядзець збіраюцца тысячы аршанцаў. З іншага боку, калі параўноўваць з краінамі-суседзямі, то аршанцам яшчэ ёсць куды расці - стадыён, нават, на самыя важныя матчы нашага ФК не набірае аншлагу, баскетбалісты выступаюць амаль пры пустых трыбунах, а на матчы ў Лядовы палацы зачастую накіроўваюць школьнікаў і студэнтаў для стварэння масавасці. Адпаведна, пры ўсім пазітыве, расці яшчэ ёсць куды.
Любы, хто цікавіцца гэтым пытаннем, можа наведаць кольны стол, які пачнецца а 14-30 ў нядзелю 31 студзеня па адрасе Чырвонаармейская, 13 - уваход вольны і адкрыты для кожнага. На мерапрыемстве будзе не толькі абмеркавана праблема, але і сабраныя магчымыя варыянты паляпшэння сітуацыі. Па выніках кольнага стала, рабочая група выпрацуе канкрэтныя прапановы да адпаведных структураў выканкаму.
Сваё бачанне праблемы на кольным стале выкажуць і эксперты ў тэме - спартовыя журналісты і мэнаджэры аднаго з футбольных клубаў вышэйшай лігі - для захавання інтрыгі пакуль назву клуба не паведамляем.