Аршанцы прымалі жлобінцаў у спартовым комплексе на вуліцы Якубоўскага. На дадзены момант толькі дзве гэтыя дружыны б’юцца за 1-е месца ў дывізіёне Б валейбольнага чэмпіянату Беларусі. На жаль, у абедзвюх сустрэчах аршанцы прайгралі супернікам, але як суботні, так і нядзельны матчы праходзілі ва ўпартай барацьбе, дзе ніхто не хацеў саступаць, усё вырашалі дробязі.
У першым матчы аршанцы былі, здавалася, у безнадзейнай сітуацыі пасля пройгрышу дзвюх партый. Аднак затым зраўнялі лік. Двойчы наша каманда разыгрывала матч-бол, аднак няўдала. Супернік жа перамог на тай-брэйку ў вырашальнай партыі — 2:3 (23:25; 18:25; 25:18; 25:20; 17:19). У другой сустрэчы аршанцы выглядалі яшчэ больш прывабна, выйграўшы два першыя сэты. Прычым другі сэт быў выйграны пераканаўча 25:14. Такога разрыву за два дні больш не сустракалася. Але жлобінцам удалося зраўняць лік і зноў узяць апошнюю кароткую партыю — 2:3 (25:22; 25:14; 23:25; 21:25; 15:17).
Адзначыліся і фанаты. На суботнюю гульню актыўныя прыхільнікі “Ўзлёта” падрыхтавалі вялікі банэр са словамі “Эйс, эйс, Взлёт, бэйби, я буду тебя любить, даже когда я буду на небе”. Як адзначаюць самі фанаты на сваёй старонцы ў ЖЖ, такой атмасферы на трыбунах, як сярод саміх фанатаў, так і простых заўзятараў, бачыць на валейболе яшчэ не даводзілася.
У турнірнай табліцы “Ўзлёт” ідзе на 2-м месцы.