Валейбалісты "Узлёта" 6 і 7 лютага правялі дзве гульні ў Менску. Першую сустрэчу з РДУАРам аршанцы пачалі з чарговага прайгранага тай-брэйка, што здаралася і на папярэдніх выходных у матчах са жлобінскім ЦАРам. Першая партыя зацягнулася да тае пары, як каманды пайшлі на чацверты дзясятак пунктаў. У выніку гаспадары перамаглі 33:31 і атрымалі надзею на агульны выйгрыш у фаварытаў,я кім з'яўляўся наш клуб. Аднак дзве наступныя партыі аршанцы ўзялі без вялікіх праблемаў. А вось чацвертую выйгралі менчукі і забяспечылі сабе як мінімум адзін пункт. Апошнюю партыю выйгралі аршанцы і заваявалі 2 балы за матч. Пройгрыш РДУАРа 2:3 (33:31; 21:25; 15:25; 25:21; 12:15).
Другая, нядзельная сустрэча, прайшла для аршанцаў лепей і яны здабылі максімум пунктаў. РДУАР досыць пераканаўча выйграў другую партыю, аднак у астатніх правілі баль менавіта "ўзлётаўцы", пройгрыш гаспадароў 1:3 (16:25; 25:20; 22:25; 20:25).
Прыемная для аршанцаў навіна прыйшла са Жлобіна. Там лідэр дывізіёну Б чэмпіянату Беларусі ЦАР пасля перамогі над "Ваеннай Акадэміяй" 3:0 у першай сустрэчы абсалютна нечакана прайграў другую 1:3, што дазволіла "Узлёту" скараціць адставанне ў турнірнай табліцы. Цяпер аршанская каманда саступае жлобінцам 4 пункты.