Аршанка Аліна Талай удала выступіла на чэмпіянаце Беларусі ў закрытых памяшканнях. Ён прайшоў у Магілёве ў спартовым комплексе “Алімпіец”. У першы дзень чэмпіянату Аліна бегла “гладкія” 60 метраў і выйграла дыстанцыю з вынікам 7,42 секунды. Пасля яна сказала:
Усё вельмі спадабалася. Калі выйграеш, усё, вядома, падабаецца. Хацелася б прабегчы хутчэй, але ўлічваючы, што ў гэтым сезоне 60 метраў «гладкіх» я не бегала яшчэ ні разу, можна лічыць вынік нармальным. Паглядзім, што будзе заўтра на бар'ерах.
А назаўтра Талай паказала час 7,97 на 60 метрах з бар’ерамі.
Атмасфера чэмпіянату падарыла вельмі пазітыўныя эмоцыі. Заўзятары, увага ... Напэўна, гэта ўсё ўпершыню ў беларускай атлетыцы. Ад сябе чакала большага, але я тыдзень прахварэла і не паспела ў поўнай меры аднавіцца. Думаю, праз 2-3 тыдні буду бегчы значна хутчэй.
Дарэчы, цікава, што Аліна была галоўным сімвалам чэмпіянату – менавіта яе фотаздымак быў змешчаны на афіцыйнай афішы чэмпіянату краіны.
Яшчэ адзін аршанец Віталь Парахонька заваяваў срэбраны медаль на дыстанцыі 60 метраў з бар’ерамі ў мужчынаў. Парахонька паказаў час 7,82 секунды, яго апярэдзіў толькі Максім Лынша з Берасцейшчыны з часам 7,71 секунды. Пасля Віталь падзяліўся ўражаннямі з сайтам БФЛА (Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі):
Выступленнем задаволены! Планаваў выканаць нарматыў на чэмпіянат свету, але не атрымалася. Чагосьці не хапіла. Але будзем працаваць. Яшчэ хачу сказаць, што я за ўсё ўдзячны Богу.