Валейбольны клуб "Узлёт" 5 і 6 сакавіка згуляе супраць "Атланта" з горада Паставы. 5 сакавіка, у суботу, гульня ў спартовым комплексе па вуліцы Якубоўскага, 77 распачнецца а 18:00. На наступны дзень, у нядзелю 6 сакавіка, аршанцы і пастаўцы выйдуць на пляцоўку а 12:00-
Наша каманда ў незалежнасці ад зыходу абедзвюх сустрэч застанецца на 2-м месцы ў табліцы, саступіўшы рэгулярнае першынство жлобінскаму Цэнтру алімпійскага рэзерву, дзе выступаюць найбольш таленавітыя маладыя валейбалісты з усёй Гомельскай вобласці. Зрэшты, і пастаўскі "Атлант" у любым выпадку застанецца на апошнім, 6-м месцы ў дывізіёне Б.
Неўзабаве пасля гульняў з "Атлантам" "Узлёт" павядзе барацьбу за медалі чэмпіянату Беларусі, такое права атрымалі лепшыя 4 каманды дывізіёну Б. На першым этапе супернікам аршанскага клуба стане віцебскае "Марка", серыя доўжыцца да дзвюх перамог адной з каманд, пераможца працягне барацьбу за ўзнагароды нацыянальнага чэмпіянату, прайграўшая каманда скончыць сезон. Першая гульня пройдзе ў Оршы 9 сакавіка.