Магілёўскі "Дняпро" сканчваў трэніровачны збор у Горках, апошні таварыскі матч фаварыт 1-й лігі запланаваў з "Оршай". 2-га красавіка ён адбыўся на Гарадскім стадыёне Горак. Нягледзячы на фаварыцкі статус, дняпроўцы спачатку шмат дазвалялі аршанцам. Ужо на 14-й хвіліне новы нападнік "сіня-белых" Яўген Зямко, які перад матчам падпісаў з нашым клубам кантракт, адкрыў лік. У далейшым гульня адсунулася далей ад магілёўскае брамы, "Дняпро" пачаў атакаваць часцей.
У другім тайме на 50-й хвіліне здарылася недарэчнасць, адзін з абаронцаў "Оршы", выбіваючы мяч са сваёй штрафной, трапіў сабе ж у руку. Арбітр палічыў гэта дастатковай падставай паставіць пенальці. Колішні лідэр моладзевай зборнай Беларусі Уладзімір Юрчанка з пенальці зраўняў лік. Увесь другі тайм праходзіў у атаках "Дняпра", у аршанцаў у апошнія хвіліны наогул перасталі атрымлівацца контратакі. Аднак лік 1:1 датрымаўся да самага фінальнага свістку. Нічыя.
"Оршу" на трыбунах падтрымалі больш за 30 фанатаў клуба. Варта адзначыць, што пасля Аляксандра Лужанкова ў "Оршу" вярнуўся Іван Магаль, які ў мінулым сезоне спачатку абвясціў аб заканчэнні кар'еры, а потым выступаў у чэмпіянаце Магілёўскай вобласці за "Горкі".