Працягваецца 1 Аршанскі турнір па дваровым футболе. Ззаду засталася групавая стадыя, за мінулы тыдзень згуляныя ўсе матчы 1/4 фіналу. У кожным з іх інтрыга жыла дастаткова доўга, а ў адной з гульняў ледзь не дайшло да серыі пенальці.
Першага паўфіналіста вызначалі “Віцязі” і “Раніца”. “Віцязі” ва ўпартай барацьбе выйшлі з групы “А”, выйграўшы ў “Імпульса” і “Флёрава” толькі па дадатковых паказчыках. “Раніца” выйграла групу “Б”, так бы мовіць, без варыянтаў. Матч атрымаўся ўпартым, але “Раніцы” ўдалося паказаць сябе лепей за суперніка – перамога 9:5.
У другім матчы “Алмаз” – “Invincibles” інтрыга жыла яшчэ за чатыры хвіліны да канца, пры ліку 4:2. Аднак у канцы “непераможныя” разваліліся, перамога “Алмаза” 7:2 даводзіць усім невыпадковасць перамогі ў групе “А”.
Надзвычай папулярная ў сацыяльных сетках каманда “Ніва” са Смалянаў сустракалася з “Сельхоз Юнайтед”. У матчы, дзе здавалася, што шанцы каманд 50 на 50, “Сельхоз Юнайтед” прадэманстравалі больш арганізаваную гульню, перамога 9:4.
Самым круцігаловачным матчам стадыі чвэрцьфіналаў стаў паядынак “Льнухі” і “Вастока”. “Льнуха” доўга вяла ў ліку 1:0, аднак “усходнікі” зраўнялі лік з пенальці. За дзве хвіліны да канца лік быў нічыйным 4:4, усё ішло да серыі пенальці, аднак “Васток” забіў пераможны гол – 5:4, і вельмі моцная “Льнуха” застаецца за бортам паўфіналаў.
У чвэрцьфіналах было забіта 45 галоў – у сярэднім 11,25 за матч. Зайздросны паказчык выніковасці!
У 1/2 фіналу выйшлі "Сельхоз Юнайтед", "Васток", "Раніца" і "Алмаз". У бліжэйшы час адбудзецца лёсаванне, якое вызначыць паўфінальныя пары.