Беларуска з Оршы на Алімпіядзе ў Бразіліі выступала ў омніюме - дысцыпліне велатрэку, якая ўключае ў сябе шэсць гонак. Туды ўваходзяць скрэтч, індывідуальны пераслед, гонка на выбыванне, круг з ходу, гіт з месца, гонка па балах. Пасля першага дня Таццяна была на 5-м месцы, блізка да ўзнагарод. Аднак другі дзень аддаліў нашу гоншчыцу ад размеркавання медалёў. Асабліва няўдалым для Шараковай стаў круг з ходу, на чацвёртай дысцыпліне Таццяна была перадапошняй, 17-й. Гіт з месца атрымаўся ненашмат лепей - 13-е месца. Перад заключным відам праграмы - гонкай па балах стала зразумела, што аршанка застанецца без медалёў. Апошнюю гонку ў Рыа-дэ-Жанэйра Шаракова правяла вельмі добра, заняла 4-е месца.
Залаты медаль (ужо 4-ты ў кар'еры!) дастаўся Лауры Трот з Вялікабрытаніі - 230 пунктаў. Сара Хамэр са Злучаных Штатаў Амерыкі заваявала срэбра - 206 пунктаў, бронза ў Жульен Д'Арэ з Бельгіі - 199 балаў. Наша Таццяна набрала 164 пункты, гэта 9-е месца на Алімпійскіх гульнях.
Тым часам Аліна Талай стартавала на Алімпіядзе. Беларуска без пытанняў прайшла кваліфікацыю - знакамітая аршанка прайграла ў забегу Жасмін Камача-К'уін з Пуэрта-Рыка. Паказчык пуэртарыканкі - 12,70 секунды, у аршанкі 12,74. Другое месца ў забегу і 4-ты агульны час. Выхад у паўфінал не быў праблемай. Удзельнічала ў кваліфікацыі і яшчэ адна беларуска Кацярына Паплаўская, аднак паказала вынік 13,45 секунды, была перадапошняй, 7-й у сваім забегу і далей не прайшла. 18-га жніўня а 02:45, 02:51 і 02:57 па беларускім часе пройдуць паўфінальныя забегі. Аліна бяжыць у першым з іх. Урэшце, фінал, вырашальны забег, у які праб’юцца толькі 8 спартовак, пройдзе ў той жа дзень, у чацвер 18-га жніўня і пачнецца а 04:55.