У першай сустрэчы армянская каманда саступіла гамельчукам 5:9 (1:3 1:1 3:5). Другая гульня стала не менш захапляльнай і "інтрыжнай". Пасля першага перыяду лік быў нічыйны 2:2, пасля другога наперад вырваўся "Гомель-2", які павёў 5:3, але ў выніку асноўная гадзіна гульні скончылася ўнічыю 5:5. А ў серыі булітаў мацнейшымі былі армяне, вырашальны буліт за іх закінуў Роберт Карчоха.
Трэба адзначыць, што склад "Арарата" закранулі істотныя змены. Па-першае, па пагадненні бакоў, спыніў дзейнасць кантракт з клубам галоўнага трэнера Юрыя Чуха. Замест яго каманду ўзначаліў Аляксандр Архаванок, які дагэтуль працаваў у сістэме юнацкага клуба "Аршанскія Ястрабы". Акрамя таго, у клубе стала на аднаго армяніна больш. Нагадаем, у калектыве большасць гульцоў - расейцы, ёсць і беларус. Армяне пашырылі прадстаўніцтва ў "нацыянальнай" камандзе за кошт Нарайра Аўсепяна. Цікава, што Нарайр перайшоў у "Арарат" з чэшскага "Кладна", а ў Чэхіі ўзровень хакея дастаткова высокі. Ужо ў матчы з "Гомелем-2" навічок клуба закінуў шайбу і аддаў галявую перадачу. Але ёсць і растанні: сышлі з каманды Уладзіслаў і Юрый Ламакіны.
У 27 гульнях Вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па хакеі (2-гі ўзровень айчыннага хакею) "Арарат" набраў 47 пунктаў і займае 5-е месца ў турнірнай табліцы розыгрышу.