Сустрэча каманд у перадапошнім туры першага кола чэмпіянату Беларусі па міні-футболе адбылася ў спартовым комплексе "Алімпіец". Сустрэча пачалася з узаемных атак, вызначыцца маглі як госці, так і гаспадары. Адкрыты лік быў на 12-й хвіліне намаганнямі ўкраінскай звязкі гульцоў. Чарніенка забяспечыў цудоўным пасам Вяршыніна, а той не схібіў - 1:0 на карысць "Вітэна". На 14-й Лазоўскі пасля пасу Кнігі зраўняў лік, аднак на апошняй хвіліне першага тайму зноў спрацавалі ўкраінцы. Зноў перадачу аддае Чарніенка, і зноў забівае Вяршынін - 2:1!
У другім тайме ішла напружаная барацьба, а "слізкі" лік не дазваляў аршанцам разлічваць на лёгкую перамогу, любы мяч мог перакуліць сітуацыю на пляцоўцы наадварот. На 36-й футбалісты "Аховы-Дынама" парушылі правілы супраць Падалінскага, гэты фол стаў ужо 6-м для іх у тайме, а, значыць, Гусакоў адправіўся прабіваць 10-метровы ўдар. І забіў яго. 3:1, з такім лікам на карысць "энергетыкаў" матч і скончыўся. Хаця неўзабаве пасля голу Алейнікаў затрымаў суперніка рукамі, і быў выдалены з поля за фол апошняй надзеі. "Вітэн" адстаяў сваю браму, знаходзячыся ўтраіх супраць чацвярых супернікаў. Заслужаная перамога!
На дадзены момант "чырвона-чорныя" набралі ўжо 25 пунктаў і працягваюць займаць 6-ю пазіцыю ў табліцы.