Падрабязнасці гэтага аб'яднання вядомыя вельмі цьмяна, бо афіцыйнай інфармацыі пра такія планы нідзе не публікавалася. Першапачаткова пра аб'яднанне пад адну адміністрацыю Талачынскага і Аршанскага КХП стала вядома мясцовым жыхарам на ўзроўні чутак і ўжо тады гэта выклікала непрыманне ідэі з боку многіх талачынцаў.
Справа ў тым, што зараз Талачынскі элеватар - самае паспяховае прадпрыемства раёна. За 2015 год паводле Белстату камбінат атрымаў 7.050 мільёнаў рублёў старымі чыстага даходу. Для параўнання, другое па даходу прадпрыемства "Каралькоў" атрымала амаль у тры разы меньш - 2.111 мільёнаў, а 8 з 13 прадстаўленых у статыстыцы, увогуле аказаліся стратнымі. Зараз элеватар узяў на сябе многія функцыі стратнага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва і адкрыў у раёне буйную гандлёвую сетку. Зразумела рэакцыя мясцовых жыхароў: навошта падначальваць мясцовы элеватар суседняму раёну, калі ён і без таго паспяховы? Тым больш, што перанос кіруючага цэнтра прадпрыемства ў Оршу выведзе з Талачынскага раёна некаторыя падаткі і ўвогуле сродкі.
Чуткі пра аб'яднанне падцвердзіліся на мінулым тыдні - на сход акцыянераў элеватара прыехаў кіраўнік Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў Гасанаў Фізулі Абдулбекавіч. Большасць выступаў, якія прагучалі на сходзе былі накіраваныя супраць аб'яднання. Былы дэпутат Вярхоўнага савета СССР Мікалай Петрушэнка, які зараз жыве ў Коханава, увогуле ініцыяваў, у сувязі з магчымым аб'яднаннем, сбор подпісаў за самароспуск мясцовага савета дэпутатаў. Але ці дапамогуць пратэсты спыніцьб аб'яднанне? - пакуль казаць рана.