У сваім "Жывым часопісе" аршанскія ультрас апублікавалі табліцы і іншыя звесткі пра гульню "Оршы", пачынаючы з 1951 года і па 2016 год. Самі стваральнікі прызнаюцца, што ёсць яшчэ шмат "прабелаў", ёсць некаторыя сезоны, пра якія звестак зусім мала, але штогод вядзецца работа па пошуку новай інфармацыі, і таму база дапаўняецца.
Сёлета "Орша" святкавала 65-годдзе і заняла найвышэйшае для сябе месца ў гісторыі незалежнай Беларусі - 7-е. Галоўны трэнер каманды Юрый Канаплёў па ходу сезону неаднойчы крытыкаваўся журналістамі і заўзятарамі, аднак другое кола чэмпіянату клуб правёў значна мацней, а запрошаныя трэнерам у арэнду з "Віцебска" Аляксандр Кучараў і Захар Волкаў сталі аднымі з лепшых гульцоў каманды. У наступным сезоне "Орша" зноў выступіць у 1-й лізе чэмпіянату Беларусі.