Брамнік Вячаслаў Салдаценка, які пачынаў сваю гульнявую кар'еру ў роднай Оршы, летась быў названы лепшым маладым брамнікам планеты. Галоўны трэнер зборнай Беларусі па гандболе Юрый Шаўцоў уключыў Вячаслава ў склад зборнай, які адправіўся на чэмпіянат свету ў Францыі. Аляксей Хадкевіч на гэты раз у зборнай адсутнічае. Разам з аршанскім брамнікам менскага СКА ў зборнай Беларусі будзе і ягоны калега з румынскай "Сцяўа" Іван Мацкевіч. Але больш верагодна, што асноўным брамнікам нацыянальнай каманды на чэмпіянаце свету будзе якраз Салдаценка.
Чэмпіянат свету пачнецца для беларусаў матчам з камандай Чылі. Сустрэча адбудзецца 13-га студзеня а 16:00 па беларускім часе. Другую гульню наша каманда правядзе 15-га студзеня з камандай Саудаўскай Аравіі (22:45), 16.01 матч з Харватыяй (22:45), 18.01 сустрэча з Нямеччынай (19:45), скончыцца групавы раўнд для зборнай Беларусі матчам з камандай Венгрыі 20-га студзеня а 22:45. З шасці каманд у групе ў наступны раўнд выйдуць 4 лепшыя зборныя.