Аршанскія клубы ў Віцебскай абласной непрафесійнай баскетбольнай лізе правялі наступныя пасля гарадскога дэрбі матчы. Нагадаем, што ў матчы аршанскіх камандаў O.R.C. (колішняе "Сонейка") атрымала сенсацыйную перамогу над "Сяргеевым В" 80:73. Аднак ужо ў наступным матчы O.R.C. чакала яшчэ адна сустрэча з фаварытам, у якой аршанцы ўжо не здолелі паказаць сябе з лепшага боку. Гулец віцебскага "Фонда" Дзяніс Карнілаў набраў цэлыя 40 пунктаў і зрабіў найвялікшы ўнёсак у разгромную перамогу чэмпіёнаў над аршанцамі. Гульня адбылася ў Оршы ў с/к "Алімпіец", "Фонд" выйграў 99:44.
"Сяргееў В" у Віцебску гуляў супраць "Pro 100". У гэтай гульні аўтсайдэры даставілі нямала праблемаў аршанцам, часта вымушалі "транспартнікаў" фаліць, але рэалізавалі толькі 6 штрафных кідкоў з 16. Аршанцы такіх памылак праціўніку не даравалі і зрабілі сваю справу. Калі першая чвэрць гульні скончылася вікторыяй "Pro 100" 23:10, дык ужо ў другой адчувальнай была перавага "Сяргеева В". Выніковая перамога 68:62, і "Сяргееў В" рэабілітаваўся перад сваімі прыхільнікамі за сенсацыйную няўдачу ў дэрбі. На рахунку баскетбаліста "Сяргеева В" Андрэя Рудакова 28 пунктаў, таксама ён здзейсніў 6 падбораў.