Аршанец Віталь Ісачэнка прыняў удзел у чэмпіянаце свету па так званым "рускім хакеі" - бэндзі, яго яшчэ называюць хакей з мячом. Зборная Беларусі на турніры заняла 8-е месца, апошняе ў дывізіёне А і выляцела ў дывізіён Б. У групе каманда Беларусі згуляла ўнічыю 7:7 з немцамі, якім потым якраз і прайграла ў паядынку за 7-е месца. Астатнія матчы прынеслі буйныя, непрыстойныя паразы 5:14 ад ЗША, 1:10 ад Нарвегіі, а ў 1/4 фіналу 0:17 ад Расеі.
Варта сказаць, што зборную Беларусі назваць беларусамі можна толькі ўмоўна. Каманда з вялікімі фінансавымі цяжкасцямі прыехала ў Швецыю, а сярод 15 хакеістаў толькі 3 нарадзіліся ў Беларусі. Гэта Дзмітрый Пашалюк з Наваполацка, Юрый Зянькоў з Полацка і Віталь Ісачэнка з Оршы. Астатнія 12 гульцоў нарадзіліся ў Расеі, але дзякуючы працы беларускага боку з дакументамі маюць права выступаць за зборную Беларусі. Склад зборнай практычна не змяняецца цягам апошніх гадоў, а сярэдні ўзрост ужо вырас да пазнакі ў 33 гады.