Нападаючы Аляксандр Гаўрушка, які пагуляў у магілёўскім "Дняпры", бабруйскай "Белшыне" і мінскім "Дынама", можа стаць навабранцам "Оршы". Пра гэта сам гулец прызнаўся журналістам offside.by.
- Калі выйшлі з адпачынку, трэніраваўся з "Дняпром", пакуль каманда ня з'ехала на зборы. Разумеў, што на мяне не разлічваюць, таму паралельна падшукваў варыянты. Даведваўся або праз футбалістаў, ці напрамую трэнерам тэлефанаваў і пытаўся, ці маюць патрэбу яны ў маіх паслугах. У асноўным усе давалі неадназначны адказ. Некаторыя прыводзілі незразумелыя мне прыклады, якія не паддаюцца логіцы. Маўляў, са мной будзе цяжка працаваць. Я такога не разумею. У мяне ж ёсць багаж выступаў у Вышэйшай лізе, нейкія заслугі, вопыт, а мне такое кажуць, быццам я зусім малады і неспрактыкаваны футбаліст. Увогуле, атрымлівалася так, што каманды Вышэйшай лігі былі ці ўжо ўкамплектаваныя, або ім проста не патрэбныя форварды.
З'явіўся варыянт з магілёўскім "Тарпеда". Знаёмыя прапанавалі патрэніравацца разам, згуляць з "Оршай". Я пагадзіўся, бо ўсё роўна можна форму лішні раз падтрымаць, тлушчык разагнаць. Прыйшоў, забіў тры мячы. І як ні дзіўна, пачалі тэлефанаваць трэнеры з іншых каманд, прапаноўваць супрацоўніцтва. Напрыклад, з "Ліды" Пётр Пятровіч Качура. Быў званок ад Канаплёва з "Оршы". І зараз я выбіраю паміж гэтымі двума варыянтамі. Але паколькі я ўзроставы футбаліст, у мяне ёсць сям'я, больш схіляюся да Оршы, таму што яна бліжэй да хаты.
- Вы сказалі, хутчэй за ўсё працягнеце кар'еру ў "Оршы". Але надзея вярнуцца ў Вышэйшую лігу ёсць?
- Вядома. І калі будуць прапановы, буду паказваць годны вынік, паступіць прапанова, чаму б яго не разгледзець. А сёння ў мяне толькі два канкрэтных варыянты - "Ліда" і "Орша".