У вёсцы Стаўры Аршанскага раёну цэлыя 8 месяцаў трывала барацьба за ўсталяванне дарожных знакаў "Саступі дарогу" і "Галоўная дарога". Здавалася б, навошта яны на вуліцы, хай і галоўнай, але ўсё адно вясковай. Аднак вяскоўцы нездарма наракалі на адсутнасць знакаў - у вёску на высокай хуткасці заязджаюць машыны,а пры гэтым па вуліцы можа ісці чалавек састарэлага веку, на роварах катаюцца маленькія дзеці, іх рэакцыі і досведу можа не хапіць, і тады сутыкнення з машынай не пазбегнуць. Менавіта расслабленасць можа стаць на вясковай дарозе і прычынай дарожна-транспартнага здарэння, калі адна машына не прапусціць іншую. Цяпер для гэтага існуюць знакі. Але паставілі іх толькі пасля васьмімесячнай барацьбы.
Колішні старэйшына вёскі Ігар Грышанаў дабіўся прыёму ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Аршанскай акрузе Людмілы Дабрынінай. Менавіта дзякуючы яе ўмяшальніцтву разам з памочніцай Мацюшэўскай, удалося дамагчыся ўсталявання двух дарожных знакаў "Саступі дарогу" і "Галоўная дарога".
У той жа самы час Бабініцкі сельсавет, як ужо не раз здаралася раней, зрабіў выгляд, што праблема дарожных знакаў яго мала хвалюе, калі грошай не стае нават на пенсію людзям. Давялося звяртацца ў больш высокія інстанцыі, ад дэпутата прыйшла дапамога.