Дэмакратычныя грамадскія арганізацыі краіны патрапілі ў няміласць да ўладаў амаль адразу, як у краіне пачала стварацца аўтарытарная сістэма кіравання. Арганізацыям спрабавалі абрэзаць фінансаванне, пазбаўлялі рэгістрацыі, не давалі памяшканняў для мерапрыемстваў і юрыдычных адрэсаў. У выніку, большасць грамадскіх ініцыятываў краіны, якія засталіся самастойнымі і не падначаліліся выканкамам, апынуліся ў цяжкім становішчы, але працягнулі сваю дзейнасць.
Такія ж самыя працэсы ішлі і на Аршаншчыне. Для таго, каб выжыць і працаваць наколькі магчыма эфектыўна, арганізацыі пачалі збліжацца адно з адным. Так, шэраг арганізацый у свой час зблізіліся вакол адзінай у Оршы моладзевай зарэгістраванай арганізацыі "Звяз". Разам стала работаць прасцей: на юрыдычным адрасе арганізацыі іншыя ініцыятывы пачалі разам збіраць неабходнае абсталяванне, аб'ядноўвацца на правядзенне розных мерапрыемстваў і г.д. З цягам часу аказалася, што памяшканне стала занадта малое, і тады Алесь Шутаў пагадзіўся, каб часткова праца перайшла на ягонае лецішча, якое яму засталося ў спадчыну па вуліцы Чырвонаармейскай, 13. Пры гэтым, з самага пачатку гаварылася, што калі з самім Алесем нешта здараецца, то грамадскія актывісты могуць працягваць выкарыстоўваць дом. Менавіта ў гэтае памяшканне 6 сакавіка і прыйшлі спачатку міліцыянты, а потым следчыя для правядзення вобшуку і забралі апаратуру, якую гадамі збіралі дэмакратычныя арганізацыі.
Сярод абсталявання былі забраныя тры кампутары (адзін з кампутараў належаў асабіста Алесю Шутаву і быў перанесены з яго кватэры, ды яшчэ не падключаны), адзін ноўтбук, які за два дні да таго на польска-беларускай мяжы перагледзелі мытнікі пры вобшуку Ігара Казмерчака. Тры прынтары, прычым, каляровы з іх быў толькі адзін - як жартавалі актывісты пасля вобшуку: "на чорна-белым прынтары таксама можна падрабіць грошы, толькі яны будуць чорна-белыя". Акрамя таго следчыя забралі чорна-белы картрыдж, фарбу для каляровага картрыджа і нават шпрыцы, з дапамогай якіх каляровы картрыдж запраўляўся. "Экспертыза" тэхнікі павінна прайсці на працягу месяца, пасля чаго яе мусяць вярнуць. Праўда, ужо падчас вобшуку актывістам званілі некаторыя прадпрымальнікі, якія прапаноўвалі на месяц даць сваю тэхніку, але пакуль не скончацца акцыі пратэсту, арганізацыі вырашылі толькі часткова аднавіць работу на Чырвонаармейскай.