Як і планавалася, сёння на свабоду выйшаў Васіль Бераснеў, адзін з лідараў аршанскага прафсаюза РЭП, які быў затрыманы пасля акцыі 12-га сакавіка. Міліцыя спрабуе перашкаджаць таму каб аршанцы сустракалі палітычных зняволеных. Учора Віктара Андрэева, каб яго не сустракалі вызвалілі раней тэрміну, сёння Васіля Бераснева пасадзілі ў машыну ў двары ІЧУ і завезлі да дому. Нагадем, што заўтра каля 14-30 павінен вызваліцца Павал Севярынец.
Пад час сёняшняй акцыі таксама не абыйшлося без затрыманняў. На падыходах да Цэнтральнай плошчы міліцыянтамі ў штацкім быў затрыманы рэдактар нашага сайту Ігар Казмерчак. "Штацкія" перадалі яго АМАПаўцам, якія завезлі актывіста ў РАУС. Там Ігара пратрымалі каля трох гадзін, пасля чаго склалі пратакол за ўдзел у акцыі 12-га чысла і выпусцілі да суда.
Як мінімум яшчэ аднаго чалавека затрымлівалі сёння каля плошчы. Гэта быў не малады сівавалосы мужчына, прозвішча якога пакуль нам высветліць не ўдалося.