У другім туры чэмпіянату аршанцы гулялі з менскім "Энергетыкам-БДУ". Гульня адбылася ў сталіцы Беларусі. Матч пры пахмурным надвор'і выклікаў такія ж пачуцці ў гледачоў, асабліва тых, хто падтрымліваў "Оршу". Адсутнасць прадуманых камбінацый, агромністая колькасць браку ў перадачах, безадрасныя закіды наперад. Балазе, у абароне ўдалося згуляць без відавочных правалаў. А ў другім тайме "на арэну выйшаў" арбітр матчу Дзмітрый Курадавец з Пінску, які прыняў некалькі дзіўных рашэнняў.
Прызначэнне пенальці на 72-й хвіліне - адно з іх. Гэты свісток і рука, якая паказвае на 11-метровую кропку, настолькі раз'юшыла абаронцу "Оршы" Яўгена Мінянкова, што ён ад злосці штурхнуў арбітра ў грудзі. А паколькі раней Мінянкоў ужо меў папярэджанне, такія дзеянні кваліфікаваліся арбітрам як чырвоная картка. Навічка "сіня-белых" гэта яшчэ больш раззлавала, і ён з усяе сілы падфутболіў сумку з мячамі побач з лаўкай запасных. Брамнік "Оршы" Дзмітрый Харытонаў, які за матч некалькі разоў выратаваў каманду, на гэты раз дапамагчы не змог, Русецкі забіў пенальці.
Але ўжо на наступнай, 73-й хвіліне Дзмітрый Жданок моцным ударам з перадачы Міхаіла Краўчука "зняў павуцінне" за спінай брамніка "Энергетыка" Сіненкі - 1:1! Эфектны ўдар адкрыў лік галам "Оршы" ў сезоне. У канцы сустрэчы каманды абмяняліся небяспечнымі атакамі, да перамогі ў апошнія хвіліны бліжэй былі аршанцы, аднак нікому забіць не ўдалося. Нічыя.
Аршанцы дзейнічалі ў такім складзе: Харытонаў, Пракопчык, Мінянкоў, Пячэнін, Жданок, Хількевіч (Кухаронак, 65), Краўчук (Гігевіч, 78), Вараб'ёў, Плясуноў, Знак (Шчарбакоў, 65), Гаўрушка (Іваноў, 90).
Пасля 2-х тураў чэмпіянату "Орша" на 11-м месцы ў табліцы.