Прыезд Аляксандра Лукашэнкі на Вялікдзень у праваслаўную царкву Прэабражэння Гасподняга, што ў Барані, атрымаў вялікі розгалас. Найперш дзякуючы таму, што падчас свайго выступу ў горадзе Лукашэнка загадаў “падняць рэгіён з руінаў і попелу”. Але не толькі гэтым. Перад камерамі “засвяціўся” новы аўтамабіль, на якім Лукашэнка ездзіць па краіне — Audi Q7 перадапошняга пакалення, такія выпускаліся з 2005 да 2015 года. У прэзідэнцкім гаражы такая машына знаходзіцца не меней за два гады. Пры гэтым кошты на аўтамабіль пачынаюцца ад 53 тысяч еўра. Самыя ж дарагія камплектацыі Audi Q7 каштуюць у раёне 120 тысяч еўра.
Газета “Комсомольская правда” вывучыла, на якіх аўтамабілях у свой час ездзіў Лукашэнка. У адмысловы агляд трапілі 13 машынаў, ад белых “Жыгулёў” да браняванага “Пульмана”. А яшчэ беларускі прэзідэнт катаўся на “Харлеі”, тэставаў беларуска-кітайскую “Geely”, ездзіў на “БелАЗе” і трактары “Беларус”.