Даволі моцна правёў свой чацвёрты матч у Першай лізе-2017 футбольны клуб "Орша". "Сіня-белыя" з самага старту гульні выйшлі наперад пасля голу Міхаіла Краўчука на 3-й хвіліне. Далей смаргонцы прадэманстравалі, што нездарма займалі 2-е месца ў табліцы, у "чырвона-чорных" сапраўды неблагая атака, і толькі цудоўная гульня брамніка "Оршы" Дзмітрыя Харытонава ратавала гасцей ад прапушчаных галоў. А ў атацы аршанцы таксама ведалі што рабіць. На 28-й хвіліне Аляксей Плясуноў забяспечыў перадачай Дзмітрыя Жданка, які ўвагнаў мяч пад папярэчыну - 2:0 на карысць "Оршы"! І гэта ўжо другі гол Жданка ў чэмпіянаце!
У наступны час гульні вызначыцца маглі як гаспадары, так і госці, але доўга нікому гэта зрабіць не ўдавалася. А на 78-й хвіліне на поле выйшаў Глеб Жалезнікаў — сын легендарнага капітана "Оршы" Алега Жалезнікава, які скончыў кар'еру некалькі гадоў таму. Менавіта яго перадача на 3-й кампенсаванай да другога тайму хвіліне прыляцела на галаву Уладзіміру Хількевічу, і той не пакінуў ніякіх шанцаў брамніку смаргонцаў Паўлу Шчарбачэню - 3:0, пераканаўчая перамога "Оршы"! Адразу пасля трэцяга мяча аршанцаў прагучаў фінальны свісток. Цікава таксама адзначыць, што гульню суддзёй на лініі адпрацавала суддзя-жанчына, Алена Карась са Смалявічаў.
Пасля гэтай перамогі "Орша" ўзнялася на 8-мы радок турнірнай табліцы. Склад "Оршы": Харытонаў, Пракопчык, Вараб'ёў, Пячэнін, Мараў, Жданок, Краўчук (Гігевіч, 72), Плясуноў (Жалезнікаў, 78), Знак (к) (Кухаронак, 65), Шчарбакоў (Хількевіч, 65), Хадневіч (Іваноў, 65).