Аршанцы ў 4-м туры чэмпіянату Беларусі па футболе у Першай лізе (Д2) перамаглі ў гасцявым матчы “Смаргонь” з разгромным лікам 3:0. Галоўны трэнер аршанцаў Юрый Канаплёў падзякаваў камандзе за перамогу і арганізаваную гульню. Праўда, не абышлося і без крытыкі. Калі журналіст спытаў, як так атрымалася, што ўсе чатыры мячы “сіня-белых” у сезоне забілі паўабаронцы, Канаплёў згадаў, што Аляксандр Гаўрушка адсутнічаў у Смаргоні па прычыне траўмы, а вось Аляксею Хадневічу трэнер настойліва парэкамендаваў перагледзець стаўленне да працы, бо, на думку Канаплёва, такі высокі форвард як Хадневіч мусіць гуляць мацней.
- Заўсёды прыемна выйграваць, ды яшчэ і буйна. Адзінае, што парадавала, улічваючы тыя матчы, якія мы гулялі да гэтага, што гуляючы на выездзе забілі хуткі гол. Ну а калі лік стаў 2:0, растлумачыў хлопцам, што трэба проста згуляць строга і акуратна ад абароны з хуткімі выхадамі ў контратаку. І яны з гэтым справіліся. "Смаргонь" прапанавала доўгія закіды, з якімі павінны былі і справіліся цэнтральныя абаронцы.
- У пачатку другога тайма "Смаргонь" часцей і больш атакавала, наўмысна аддалі ініцыятыву суперніку або з чымсьці іншым гэта звязана?
- Вядома, наўмысна аддалі ініцыятыву суперніку. Растлумачыў хлопцам, што не трэба прэсінгаваць высока і падымацца, калі мы выйграем 2:0. Яшчэ раз скажу, трэба было строга згуляць у абароне з хуткімі выхадамі ў контратаку. Дзесьці гэта атрымлівалася, дзесьці не атрымлівалася. Каманда практычна зноўку будуецца. Таму малайцы сёння хлопцы.
- Усе чатыры галы забітыя камандай у чатырох турах забілі паўабаронцы. Як пракаментуеце галявое "маўчанне" Гаўрушка і Хадневіча?
- Гаўрушка атрымаў траўму і на выправу нават не паехаў. А Лёшу Хадневічу я сказаў, што трэба перагледзець сваё стаўленне да справы. Калі ты жывеш мінулым сезонам, у якім ты забіў 16 мячоў, дык... Я лічу, што высокі цэнтральны нападнік павінен гуляць больш агрэсіўна і напорыста. Калі ён не перагледзіць свае адносіны, будуць гуляць маладыя, цытуе трэнера аршанцаў сайт "Смаргоні".