Чуткі пра тое, што Мікалай Лісоўскі сыходзіць з пасады, ці яго здымаюць з пасады хадзілі па горадзе на працягу ўсяго часу яго кіравання. Пры гэтым, у Аршанскім выканкаме на пасадзе ён змог пратрымацца аж 9 год. І гэтыя гады былі зусім не простыя.
Нагадаем, што пасля сыхода з пасады Майсеюка ў Оршы распачаўся "карагод мэраў". Некаторы час выканкам узначальваў выконваючы абавязкі мэра, потым два мэры сыйшлі з пасадаў вельмі хутка, а горад рыхтаваўся да Дажынак. Лісоўскі і быў прызначаны старшынём выканкаму менавіта ў самую гарачую пару падрыхтоўкі да Дажынак і, у прынцыпе, з задачай падрыхтоўкі горада ён справіўся. Хаця шмат аб'ектаў не былі дароблены, але і новы мэр кіраваў працамі не з самага пачатку. Пры Лісоўскім горад змог справіцца з двума значнымі аб'ектамі, на якія не хапала сродкаў: рамонт маста праз Днепр і будаўніцтва "Лядовай арэны". Праўда, з'явіліся і іншыя даўгабуды: дзіцячы садок на Магілёўскай і гарадская бальніца.
Другім выпрабаваннем для мэра стала аб'яднанне раёна і горада. І, канешне, пастаянны крызіс і недахоп сродкаў на ўсе патрэбы.
Пры ўсіх праблемах, было і шмат станоўчых момантаў у кіраванні раёнам у гэтыя гады. Асабліва дзякаваць Лісоўскаму маглі б жыхары раёна Заходняя - новая дарога праз возера Шчацінкаўскае, некалькі заасфальтаваных дарог у раёне, тры маршруты грамадскага транспарту, якія цяпер ідуць праз Заходнюю. Ранейшыя мэры мала надавалі ўвагі гэтаму раёну, але Лісоўскі быў звязаны з ім асабіста. Да поспехаў можна аднесці і някепскія вынікі гарадской каманды па футболе - у час калі ў іншых гарадах "дзяржаўныя" каманды мелі фінансавыя праблемы, то ФК "Орша" мела даволі стабільны бюджэт і папулярнасць у горадзе.
Але былі правалы. Так, Лісоўскі не надаваў вялікай увагі і, адпаведна, фінансаванню сферы культуры. Таму раён страціў музей Заслонава, не выканаў праграму "Замкі Беларусі", а Базылянскі манастыр так і застаўся без увагі і дапамогі мясцовай улады.
Лісоўскі правёў на сваёй пасадзе вялікі тэрмін і кожны можа сам ацаніць яго поспехі і правалы, але адназначна можна сказаць, што гэты мэр гараджанам запомніцца: сёння няшмат чыноўнікаў можа пахвастацца тым, што трымаліся на такой пасадзе так доўга.