"Орша" і "Белшына" сустракаліся ў той жа І лізе шматкроць, але гэта было больш за дзясятак гадоў таму. Потым "Орша" падала на абласны ўзровень, выступала ў ІІ лізе, а "Белшына" гуляла ў Вышэйшай лізе. Чэмпіён Беларусі і 3-разовы ўладальнік Кубка краіны цяпер перажывае не лепшыя часы.
На пачатку сезона-2016 у Бабруйск прыехалі малавядомыя расейскія інвестары, якія абяцалі падняць завод "Белшына" і аднаіменную каманду вывесці ў еўракубкавыя турніры, на доўгія гады зрабіць бабруйскі калектыў адным з найлепшых у Беларусі. Пад выкананне задачы ў Бабруйску аператыўна з'явіліся трэнер з Расеі, прывезены самымі інвестарамі, а таксама новыя гульцы, у тым ліку з Аргентыны. Але ў рэчаіснасці выявілася, што расейскія інвестары вырашалі ў Бабруйску нейкія свае бізнэс-праблемы, плёну ад якіх ані заводу, ані клубу не было. "Белшына" апусцілася на дно табліцы і разам з мікашэвіцкім "Гранітам" упершыню за доўгі час пакінула элітны дывізіён. Шэраг футбалістаў і заўзятараў клуба плакаў пасля фінальнага свістку, які засведчыў расстанне з Вышэйшай лігай.
У І лізе бабруйчане набралі 12 пунктаў у 9 матчах. У "Оршы" 11 за той жа перыяд.
У 2016 і 2017 каманды ўжо сустракаліся паміж сабой у таварыскіх матчах. Нічыя 0:0 і параза аршанцаў 0:1.
Матч "Орша" - "Белшына" адбудзецца 10-га чэрвеня а 18:00 на Гарадскім стадыёне Оршы.