Размова ідзе пра рэйтынг наведваемасці клубаў беларускай футбольнай І лігі. Аршанцы, як заўсёды было, сярод фаварытаў. На першай пазіцыі бабруйская "Белшына", у сярэднім на матчах гэтай каманды прысутнічае 882 чалавекі. На другой пазіцыі "Слонім", дзе горад удвая меншы за Оршу па насельніцтве, там 778 чалавек у сярэднім на матчы. Аршанцы замыкаюць тройку — 658 чалавек. У мінулым сезоне аршанцы таксама займалі трэці радок, але тады ў лізе з "сіня-белымі" гулялі каманды з буйных Гомеля і Магілёва.
Але бянтэжаць абсалютныя лічбы. У мінулым сезоне паказчык наведваемасці сягаў 1000 чалавек, сярэдні паказчык быў у раёне 850 чалавек. Такім чынам, пакуль можна сцвярджаць, што "Орша" за год страціла каля 200 сталых заўзятараў. Гэта не ўсяляе прыемных думак, больш людзей хадзіла нават на змаганні "Оршы" ў ІІ лізе, у крызісныя гады. У мінулым сезоне аршанцы занялі рэкордна высокае для сябе 7-е месца ў I лізе, аднак лепшай наведваемасці гэта пакуль не паспрыяла.
Дадамо, што тры самыя непапулярныя клубы прадстаўляюць сталічны рэгіён. Гэта лідэр чэмпіянату "Смалявічы-СТІ", які, тым не менш, рвецца ў Вышэйшую лігу, хаця мае аўдыторыю толькі ў пару сотняў чалавек. А таксама менскія "Энергетык-БДУ" і "Прамень". Сярэдняя наведваемасць усёй І лігі — 445 чалавек на матчы. Пры такіх паказчыках складана называць Беларусь футбольнай краінай, напрыклад, у невялічкай Аўстрыі нават у ІІІ лізе нярэдка збіраецца на трыбунах па пары тысяч гледачоў.