У Менску адбыўся чэмпіянат свету па хуткіх шахматах і бліцу сярод хлопчыкаў і дзяўчынак у трох катэгорыях: да 8, да 10 і да 12 гадоў. Выступ беларусаў на турніры аказаўся паспяховым: 6 медалёў (4 залатыя+ 1 срэбраная + 1 бронзавая). Пры гэтым два медалі заваявалі аршанскія шахматысты. У хлапчуковым турніры з цэнзам да 10 гадоў у рапідзе (як яшчэ называюць хуткія шахматы) аршанец Міхей Навуменка апярэдзіў 171 канкурэнта і стаў чэмпіёнам свету! У турніры па бліцу ён стаў 5-м, што таксама вельмі пачэсна. Другі медаль з аршанцаў заваяваў Міхаіл Спіжарны, які ў хуткіх шахматах сярод хлопцаў да 12 гадоў стаў бронзавым прызёрам.
Акрамя іх у турніры ўдзельнічалі яшчэ двое аршанцаў Ілля Філічкін і Макар Навуменка.
Фота сайту "Инфоград".
Адметна, што ў Менск на турнір прыляцеў і прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі шахмат Кірсан Ілюмжынаў. Ён асабіста сустрэўся з Міхеем Навуменкам і пажадаў яму далейшых поспехаў. Кіраўнік федэрацыі вельмі высока ацаніў узровень правядзення чэмпіянату свету і адзначыў, што аналагічныя турніры ў 2018 і 2019 гадах таксама прыме менскі Палац спорту.