Футбалісты "Оршы" ў 12 туры першай лігі чэмпіянату Беларусі сустракаліся з "Лідай", надзвычай нязручным супернікам. Але ў змаганні ўдалося зноў, як і ў мінулым сезоне, перамагчы дома. Ужо на 2-й хвіліне Валерый Мараў прабіў галавой пасля падачы Кірыла Пячэніна — 1:0! Улічваючы невысокі рост аршанскага паўабаронцы, гэты гол Марава сапраўды адметны. Затым два запар моманты мела "Ліда", але тут аршанцам на дапамогу прыйшла простая фартуна, мяч трапіў спачатку ў папярэчыну, а потым у штангу. Аршанцы вырашылі спадзявацца не толькі на ўдачу, і Знак з Пракопчыкам яшчэ да перапынку давялі лік да разгромнага. 3:0, з такімі лічбамі каманды сыходзілі на перапынак.
Прычым і Уладзіславу з Яўгенам асіставаў Пячэнін. Левы абаронца, як вядома, "зборнік", а візіты і выступы за моладзевую зборную краіны дапамагаюць гульцу здабываць неацэнны вопыт. Шкада толькі, што Пячэнін не належыць аршанскаму клубу, а гуляе за яго толькі ў арэндзе. Правы на гульца мае "Віцебск". Але пакуль Кірыл прыносіць поспех "Оршы", усе тры галявыя перадачы ў сустрэчы з "Лідай" — яго справа.
У другім тайме аршанцы ўпусцілі Грыбоўскага і не перашкодзілі яму ўвагнаць мяч у сетку. Але большага ніхто зрабіць не змог. "Орша" перамагае 3:1 і падымаецца на 9-е месца ў табліцы.