Супрацьстаянне "Оршы" з менскімі аўтазаводцамі — адно з самых старых у беларускім футболе. Упершыню каманды згулялі паміж сабой яшчэ ў далёкім 1962 годзе — роўна 55 гадоў таму! Гэта адно з самых старых, калі не самае старое супрацьстаянне паміж беларускімі камандамі, якія існуюць да гэтай пары. У час незалежнай Беларусі каманды сустракаліся 4 разы, двойчы ў Кубку краіны, двойчы ў чэмпіянаце. На жаль, аршанцы ў незалежнай гісторыі Беларусі пакуль яшчэ не маюць перамог над "Тарпеда". Двойчы наша каманда саступала з лікам 1:3, а таксама былі нічыі 2:2 і 1:1.
Перад гэтым чэмпіянатам менскае "Тарпеда" называлася адным з асноўных прэтэндэнтаў на павышэнне ў класе. Але пакуль задача выхаду ў Вышэйшую лігу выконваецца не самым паспяховым чынам. Тарпедаўцы маюць 19 пунктаў і адстаюць на 7 балаў ад "Смалявічаў", якія лідзіруюць у табліцы. "Тарпеда" займае толькі 6-е месца. Аршанцы маюць 15 пунктаў і ідуць на 9-м радку табліцы.
Матч "Тарпеда" — "Орша" пройдзе 1 ліпеня на менскім стадыёне "Тарпеда" і пачнецца а 18:00.