Футбольны клуб “Орша” 1-га ліпеня правёў някепскі матч супраць менскага “Тарпеда”. Аўтазаводцаў называюць аднымі з галоўных прэтэндэнтаў на выхад у Вышэйшую лігу па выніках гэтага сезону. Невядома, як атрымаецца, але насамрэч менчукі валодаюць здатным складам і могуць змагацца за самыя высокія месцы ў Першай лізе. Аршанцы навязалі гаспадарам поля барацьбу, але прайгралі. Не апошнім фактарам у паразе было і майстэрства, у тарпедаўцаў яно будзе вышэй.
Цяпер пра сам матч. “Тарпеда” адкрыла лік на 44-й хвіліне. Харытонаў няскладна прыняў мяч, той адскочыў ад аршанскага брамніка, і ў “дакручванні” моманту форвард гаспадароў Нікіцін забіў гол – 1:0. У другім тайме, відаць, падзейнічалі ўказанні Юрыя Канаплёва камандзе. Аршанцы рэзка дадалі ў руху, а на 62-й хвіліне Міхаіл Краўчук зрабіў закід у штрафную, з якой Уладзіслаў Знак расстраляў браму “Тарпеда” – 1:1! Потым траўму зарабіў брамнік “Оршы” Харытонаў і быў заменены на Яўгена Гудзенку. Акрамя таго, у верхавой барацьбе разбілі галаву форварду “Оршы” Аляксею Хадневічу, але ён здолеў дагуляць матч. На 79-й хвіліне Гаеў забіў другі мяч “чорна-белых” у гэтым матчы і прынёс “Тарпеда” перамогу з лікам 2:1. “Орша” апусцілася на 10-е месца.