Кубак Беларусі для футбольнага клуба "Орша" — боль. Каманда ніколі не выходзіла нават у 1/8 фіналу Кубка краіны, хаця год за годам прыхільнікі клуба спадзяюцца ўбачыць любімцаў на больш далёкай стадыі турніру. Сёлета выступ у барацьбе за трафей аршанцы пачалі ў Пінску, дзе разграмілі мясцовую СДзЮШАР № 3 з лікам 8:0, а нападнік "сіня-белых" Аляксей Хадневіч забіў 5 галоў у адным матчы. У 1/16 фіналу супернік куды больш сур'ёзны — каманда Вышэйшай лігі "Славія" з Мазыра.
Аднак пры гэтым палешукі не лічацца неверагодна моцным клубам, даць яму сапраўдны бой і выбіць з Кубка уяўляецца рэальным. Зараз "Славія" займае 13-е месца сярод 16 камандаў эліты і зусім не паказвае моцнага футбола. Не дэманструюць майстэрскага футбола і аршанцы, "Орша" толькі на 10-й пазіцыі ў Першай лізе. Але "сіня-белыя" ні за што не змагаюцца ў чэмпіянаце, хаця, здавалася б, яшчэ рана пра гэта казаць у сярэдзіне сезону. Але кубкавы матч з камандай Вышэйшай лігі — магчымасць паказаць характар і парадаваць сваіх заўзятараў.
Мінулы раз "Орша" і "Славія" сустракаліся ўжо 8 гадоў таму на стадыі 1/32 фіналу Кубка Беларусі і гэтаксама ў Оршы. Тады склад аршанцаў быў такім: Зюзько, Алейнікаў, Шляхціч (Тарналуцкі, 100), Івулін, Кітаёў (Ларыёнаў, 96), Малафееў, Хоміч, Скарацін, Данілкоў, Асіпенка (к), Анкіновіч. Асноўны час тады скончыўся нічыёй 1:1, а пенальці прынеслі гаспадарам поля слёзы. "Славія" выйграла пасляматчавую латарэю 4:1.
Настройваюць "Оршу" на барацьбу за выхад у 1/8 фіналу і фанаты клуба. Яны, судзячы па допісах у інтэрнэце, засталіся не надта задаволеныя тым, што пасля гульні з "Тарпеда" ў Менску амаль ніхто з футбалістаў не падышоў да гасцявога сектару. А напярэдадні матчу са "Славіяй" з'явілася яшчэ і матывацыя для галоўнага трэнера.
Матч "Орша" — "Славія" адбудзецца на Гарадскім стадыёне Оршы 6-га ліпеня і пачнецца а 18:00.