Каманда, якая прадстаўляла сталіцу Арменіі Ерэван, наймала для гульняў беларускай Вышэйшай лігі (Д2) аршанскую Лядовую арэну. Цікава, што "Арарат" быў самым наведваемым клубам лігі. У сярэднім на матчы каманды прысутнічала 249 чалавек. Складалася яна як з этнічных армянаў з пашпартамі розных краін, так і з беларускіх і расейскіх хакеістаў. Сезон аказаўся даволі паспяховым, "Арарат" дайшоў да 1/4 фіналу, дзе ва ўпартай барацьбе прайграў серыю "Гомелю-2" 2:3.
Але цяпер у клуба паўсталі праблемы, функцыянеры беларускай лігі паведамілі, што армяне дагэтуль не падалі неабходных дакументаў для рэгістрацыі ў чэмпіянаце. Зрэшты, верагодна, што гэта не звязана з адміністратыўнымі ці фінансавымі праблемамі клуба, а звязана з тым, што "Арарат" хоча заявіцца ў расейскую Моладзевую хакейную лігу (МХЛ). Узровень там відавочна вышэй, але і патрабаванні таксама. Пра гэта заяўляў і дырэктар каманды Рубэн Сцепанян. Ці працягне "Арарат" пры гэтым выступаць у Оршы застаецца пытаннем. Да таго ж, у Оршы сабраліся ствараць сваю хакейную каманду.