Ужо 17-га ліпеня аршанскі "Вітэн" распачне падрыхтоўку да новага сезону. Пакуль каманда знаходзіцца ў адпачынку. За паўзу паміж чэмпіянатамі ў "чырвона-чорных" адбыліся істотныя змены. З каманды сышлі чацвёра гульцоў: Яўген Дунаеў, Павел Ліхач, Аляксандр Умпіровіч і Максім Філіпаў. Дунаеў і Ліхач знаходзіліся ў клубе на вядучых ролях, і цяпер трэнерскаму штабу трэба згуляць новы склад так, каб страта лідэраў адбылася незаўважна.
У "Вітэн" прыйшлі двое ўкраінцаў — Аляксандр Сарокін з харкаўскага "Лакаматыва" і Іван Кардоба з львоўскай "Энергіі". З менскага МАПІДа прыйшоў Сяргей Сілівончык, а з "Барысава-900" Арцём Казёл. Будзе выступаць за асноўную камнду "Вітэна" ў новым сезоне і былы гулец футбольнай "Оршы" Андрэй Раманаў, які мінулы год правёў у "Вітэне-2".
Рыхтавацца да новага сезону "Вітэн" будзе ў Оршы ў спартовым комплексе "Алімпіец". Трэніроўкі працягнуцца да 22 ліпеня, а 20-га каманда пройдзе медкамісію. З 24 ліпеня па 6 жніўня аршанцы будуць знаходзіцца на зборах у Горках. Потым гульцы вернуцца ў Оршу. Да 20-га жніўня плануецца правесці 3-4 спарынгі, піша прэс-служба клуба. Новы сезон стартуе 2-3 верасня.