Сяргей Далідовіч — самы вядомы і моцны беларускі лыжнік ад часу набыцця Беларуссю незалежнасці. Яго першымі Алімпійскімі гульнямі сталі Гульні 1994 у Лілехамэры, дзе беларусы выступалі яшчэ пад гістарычным бел-чырвона-белым сцягам. З таго часу ён удзельнічаў яшчэ ў пяці Алімпіядах, стаўшы адным з рэкардсменаў за ўсю гісторыю алімпійскага руху, мала каму ўдавалася правесці 6 Алімпіяд запар.
Пасля таго, як Далідовіч выступіў на кароннай дыстанцыі ў 50 км у Сочы-2014 і заняў там 5-е месца, здавалася, беларус скончыць кар'еру. У яго ёсць вучань, якога аршанец трэніруе ў Раўбічах. Кантракт з Далідовічам Федэрацыя лыжных гонак Беларусі не падоўжыла.
Адметнасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што за жаночую зборную Беларусі па лыжных гонках беларускі ўжо не выступаюць, іх не засталося. У мужчынскай усё да гэтага ідзе. Сярод 6 чальцоў нацыянальнай зборнай Беларусі роўна палова - трое - расейцы. Пры гэтым самае высокае месца, занятае імі ў Кубку свету летась — 68-е. Вынікае пытанне, навошта працуюць беларускія спартовыя школы. З гэтага пункту не здаецца такім бязглуздым запрашэнне Далідовіча зноў, нягледзячы на ягоныя 44 гады. Хаця зноў узнікае пытанне - а дзе ж маладыя беларусы і чыя віна ў іх адсутнасці большая, спартовых школаў ці федэрацыі?
Так ці іначай, апынуўшыся па-за межамі зборнай краіны, Далідовіч усё адно не абвясціў заканчэнне кар'еры. Больш за тое — ён рашыўся на крок, які пакуль не ўласцівы беларускаму спорту. І ўвогуле ў Беларусі ён знаёмы ў асноўным розным музычным праэктам, а ніяк не спартоўцам. Назва гэтай з'яве — краўдфандынг. У Федэрацыі выступ Далідовіча на мінулым чэмпіянаце свету назвалі няўдалым, кантракт новы не падпісалі, таму цяпер Сяргей збіраецца выступаць незалежна ад афіцыйнай установы.
Ён плануе ездзіць на спаборніцтвы, якія праводзіць Міжнародная лыжная федэрацыя. Для гэтага Далідовіч абвясціў збор сродкаў, славуты лыжнік просіць дапамагчы яму з удзелам у Зімовых Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць з 9 па 25 лютага ў Пхёнчхане (Паўднёвая Карэя). Большасць грошай патрэбная Далідовічу ў апошнія чатыры месяцы перад Алімпіядай. Сяргей Далідовіч шукае людзей, якім не шкада дапамагчы фінансава, якія ведаюць і цэняць яго як лыжніка. На падрыхтоўку, паводле падлікаў Далідовіча, яму трэба 10-15 тысяч даляраў.
Дарэчы, краўдфандынг раней ужо выкарыстоўваўся для ўдзелу ў Алімпіядзе, на мінулую Алімпіяду ў Сочы менавіта так, з дапамогай сваіх прыхільнікаў, паехала зборная Ямайкі па бабслеі. Тады неабыякавыя людзі заплацілі за пабудову і фарбаванне боба, пералёт спартоўцаў з Ямайкі ў далёкую Расею і іх пражыванне ў алімпійскай вёсцы ў Сочы.