Аршанская каманда "Сябры" заявілася на Кубак вобласці, хаця ў чэмпіянаце рэгіёну яна не ўдзельнічае. У чвэрцьфінальным матчы аршанцам выпаў складаны супернік- уладальнік Кубка вобласці-2016 "Сянно". Але аршанцам удалося справіцца з ім. "Сябры" перамаглі на чужым полі 2:1, а гэта значыць, што ў трафея ў любым выпадку будзе новы гаспадар.
Два мячы трапілі на відэа, якое рабіў сенненскі клуб. Гульцу сенненцаў Чымбуру ўдаўся выдатны гол на 25-й хвіліне. На 32-й хвіліне, і гэта таксама трапіла на відэа, аршанцам удалося зраўняць лік ударам "за каўнер" брамніку "Сянна" з 37 метраў! Пераможны гол "Сябры" правялі на самым пачатку другой паловы, а менавіта на 46-й хвіліне.
У 1/2 фіналу Кубка Віцебскай вобласці аршанскі "Сябры" сустрэнуцца з ФК "Лепель". Дакладная дата сустрэчы стане вядомай пазней.