У першым кругу чэмпіянату "Орша" перамагла смаргонцаў на іх полі 3:0, ды і перад паядынкам 19-га туру была вышэй у табліцы. А тут яшчэ і хатняя гульня. Аднак госці перакулілі сітуацыю дагары нагамі, менавіта яны сталі гаспадарамі становішча. Акрамя таго, "Орша" прапусціла ў вельмі нязручны момант. Даўно вядома, што галы, прапушчаныя перад самым перапынкам, скрайне негатыўна ўплываюць на каманду. Так здарылася і тут. Смаргонец Уладзіслаў Яцкевіч адкрыў лік на 45-й хвіліне, перад самым свістком на перапынак. А па выхадзе з распранальняў аршанцы прапусцілі і яшчэ адзін гол, у "Смаргоні " на 50-й хвіліне вызначыўся Уладзімір Казко.
Другі тайм прайшоў няўдала для "сіня-белых", і забіць хаця б адзін мяч у адказ яны не змаглі.
Параза з лікам 0-2 адкінула "Оршу" на 12-ю пазіцыю ў табліцы. Цяпер аршанцы маюць толькі шэсць пунктаў перавагі над 15-м месцам, якое вылятае ў ІІ лігу. Пакуль на самым дне, у так званай "зоне вылету" знаходзяцца "Асіповічы" і стоўбцаўскі "Нёман-Агра".
Адзначым таксама, што за "Оршу" ў афіцыйных матчах дэбютаваў паўабаронца Ілля Трачынскі, які раней выступаў за "Віцебск", "Слуцк", "Смалявічы" і паспеў крыху пагуляць за мяжой, за літоўскі "Уцяніс". А поўны склад "Оршы" ў матчы выглядаў наступным чынам: Харытонаў, Пракопчык, Вараб'ёў, Гігевіч (Казарэз, 59), Мараў, Жданок (Кітаёў, 73), Раджабаў, Шчарбакоў (Хадневіч, 53), Трачынскі (Хількевіч, 46), Знак, Сазанкоў (Волкаў, 73).