Беларуская спрынтарка Аліна Талай правяла даволі насычаны сезон, хоць, прызнацца шчыра, ён не быў самым паспяховым у яе кар'еры. У жніўні Аліна прыняла ўдзел у чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Лондане. На ім аршанка паказала лепшы вынік сезона і стала 6-й. Затым у Варшаве на Мемарыяле Камілы Скалімоўскай яна яшчэ раз палепшыла свой сезонны паказчык. У сваім фэйсбуку аршанка напісала аб заканчэнні сезону і падзякавала ўсім за падтрымку.
Сезон 2017 падышоў да канца. Ён быў досыць цяжкім, але ўсё-ткі добрым: сярэбраны медаль Чэмпіянату Еўропы зімой і 6 месца ў свеце летам. Было вельмі няпроста пераадольваць усе цяжкасці, што зваліліся на мяне ў гэтым годзе, але я вельмі ўдзячная ўсім маім сябрам і блізкім, хто падтрымліваў мяне і дапамагаў верыць у сябе.