Супольнасць беларусаў ва Украіне «Сябры», рух «Разам» і беларускія добраахвотнікі, якія ваявалі на Данбасе на баку Украіны, пікетавалі амбасаду Беларусі ва Украіне ў знак салідарнасці з акцыяй да дня вайсковай славы ў Менску.
"Наша акцыя прысвечана і Дню вайсковай славы, і адначасова беларуска-расейскім вучэнням "Захад-2017", якія, па словах шматлікіх экспертаў, пагражаюць незалежнасці нашай Беларусі, бо ёсць вялікая верагоднасць, што расейскія войскі могуць застацца на беларускай тэрыторыі", - сказаў беларускі актывіст Алег Аўчыннікаў, які цяпер жыве ва Ўкраіне.
Падтрымаць беларускіх актывістаў прыйшлі і ўкраінцы, многія з якіх заўсёды наведваюць усе акцыі, якія праводзяць у Кіеве беларусы. Яны пракаментавалі для "Радыё Свабода" мэту свайго прыходу на акцыю.
"У нас з Беларуссю вельмі цесныя гістарычныя сувязі. Нават калі успамінаць гадавіну бітвы пад Воршай, то і ў ёй бралі ўдзел нашы казакі. Дарэчы, у 2014 годзе да 500-й гадавіны гэтай бітвы, Нацбанк Украіны выпусціў 5-грыўневую манету", - адзначыла Алена Гергель, грамадзянская жонка беларускага добраахвотніка Васіля Парфянкова.
Алена Гергель дадала, што прыйшла да амбасады Беларусі з асабістым пратэстам. "Як вядома, у Беларусі быў затрыманы украінец Павел Грыб, які цішком быў перапраўлены ў Расею. Так не павінна адбывацца. І гэта мой пратэст супраць такіх дзеянняў", - падкрэсліла яна.
Амбасада Беларусі падчас акцыі ахоўвалася ва ўзмоцненым рэжыме супрацоўнікамі Нацыянальнай паліцыі і Нацыянальнай гвардыі Украіны. Акцыя доўжылася больш за гадзіну пад лозунгі "Жыве Беларусь! Слава Украіне!", "Не маскоўскай ваеншчыне". Беларусы таксама спявалі гімн Беларускай народнай рэспублікі "Мы выйдзем шчыльнымi радамi" і "Пагоню" на вершы Максіма Багдановіча.