На выходных у Оршы прайшоў 3 этап чэмпіянату і Кубку Рэспублікі Беларусь па мотакросу. Мы знаёмілі чытачоў з першым і з другім днямі спаборніцтваў з дапамогай фотаздымкаў. Сярод адметнасцяў, безумоўна, варта вылучыць і перамогу Арцёма Сазанаўца ў класе матацыклаў з аб'ёмам 125 куб.сантыметраў. Чарговая перамога ў кар'еры аршанца. Другое месца заняў Віталь Махноў з Гародні, а замкнуў тройку лепшых Алег Сергіенка з Менску.
Нельга забыць і пра Уладзіміра Сіткоўскага. 80-гадовы мотакросмэн і на гэты раз наведаў Оршу! Нягледзячы на такі паважны ўзрост, нярэдка падчас паездак на спаборніцтвы, спадар Уладзімір ночыць у сваім жа транспарце, на якім прыбывае на гонкі! Нарадзіўся унікальны майстар спорту па мотакросе ў Віцебску. Затым пакінуў родную Беларусь і цяпер жыве ў Расеі, у горадзе Новаваронеж. Orsha.eu пісаў пра ўнікальнага спартоўца-ветэрана яшчэ летась.