Паядынак 25-га туру праходзіў на бабруйскім стадыёне "Спартак". Аршанцы знаходзяцца ў сярэдзіне табліцы і таму ўжо не вырашаюць нейкіх задач на сезон. Толькі тэарэтычна сіня-белыя могуць пакінуць 1-ю лігу, а па вялікім рахунку да гэтага далёка. Падняцца вышэй за 10-е месца каманда можа, а вось выйсці ў Вышэйшую лігу не. Таму аршанцы змагаюцца толькі за прэстыж клуба і за больш высокую пазіцыю ў сярэдзіне табліцы. У "Белшыны" няхай і невысокія, але ўсё ж маюцца шанцы на выхад у Вышэйшую лігу. Толькі вось права на памылку ў каманды Эдуарда Градабоева ўжо няма. Перамагаць аршанцаў бабруйчане былі абавязаныя, калі хацелі застацца ў гонцы. Магчыма, варта сказаць, што перамог той, хто больш гэтага хацеў.
Тут спрацавала даўняя праблема аршанцаў, якая рэдка паўтараецца ў другой палове чэмпіянату, але ўсё ж ёсць. Сіня-белыя прапусцілі незадоўга да канца тайму. На 41-й хвіліне Валкарэзаў адгукнуўся на падачу Савосцікавым вуглавога, і адкрыў лік. Безумоўна, без прапушчанага ў першым тайме голу аршанцам было б прасцей псіхалагічна. А ў другім тайме на 50-й хвіліне Турлін аддаў перадачу на Гомзу, які фактычна "занёс" мяч у браму аршанцаў - 2:0. У гэтай сітуацыі няўпэўнена і нават пасіўна дзейнічала абарона аршанскага клуба, якая зусім упусціла Гомзу, які раней у кар'еры ўжо забіваў аршанцам, толькі за іншыя клубы.
Варта дадаць, што ў другім тайме, асабліва з яго старту, бабруйчане дзейнічалі досыць актыўна і мелі нямала магчымасцяў забіць, чаго не скажаш пра першы тайм, дзе яны выкарысталі фактычна адну з дзвюх магчымасцяў. На 75-й хвіліне Шугункоў зрабіў лік 3:0, няўпэўнена згуляў брамнік аршанцаў Харытонаў, які позна выйшаў з брамы. Аршанцы адгулялі толькі адзін мяч, калі на 81-й хвіліне Жданок з развароту перакіраваў мяч у сетку ў сумятні ў штрафной "Белшыны". У выніку параза 1:3. Юрый Канаплёў зрабіў у матчы толькі адну замену, Сазанкоў выйшаў на поле замест Знака.
Варта адзначыць, што "Оршу" ў Бабруйску яскрава падтрымлівалі паўтара дзясяткі фанатаў.
Орша: Харытонаў, Вараб'ёў, Казарэз, Хількевіч, Мараў, Жданок, Шчарбакоў, Раджабаў, Трачынскі, Знак (Сазанкоў, 80), Хадневіч.
Пасля паразы ў Бабруйску аршанцы з 31 пунктам апынуліся на 10-й пазіцыі ў табліцы. У наступным туры сіня-белыя на Гарадскім стадыёне будуць прымаць аўтсайдэра "Асіповічы".