Да такой высновы пасля лабараторных даследванняў прыйшлі спецыялісты Рассельгаснагляду. Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расеі ўвяла ўзмоцнены кантроль чатырох беларускіх прадпрыемстваў. У іх прадукцыі выяўлены сляды антыбіётыкаў, паведамляюць РИА Новости. Антыбіётык знойдзены ў ялавічыне мясных прадпрыемстваў “Империя 2009”, мясакамбіната “Кошалева”, мясакамбіната “Мір”.
Таксама сляды антыбіётыкаў выяўлены ў курыных яйках прадукцыі птушкафабрыкі “Аршанская”. Антыбіётык, сляды якога знойдзеныя – тэтрацыклін. Парушаны нормы і патрабаванні Еўразійскага эканамічнага звязу і Расейскай Федэрацыі. Уведзены рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю.
Расея ўжо не ўпершыню згортвае пастаўкі да сябе беларускай прадукцыі. Прыкладаў даволі шмат, у тым ліку расейскімі фітасанітарнымі службамі неаднаразова выяўляліся парушэнні з боку фабрык і заводаў харчовай галіны з нашага рэгіёну. Так, назад у Беларусі вярталіся аршанскі сыр, аршанскія кансервы і александрыйскае мяса.
Аршанская птушкафабрыка таксама трапляла пад санкцыі. Роўна два гады таму спецыялісты ўпраўлення Рассельгаснагляду па Смаленскай і Бранскай абласцях спынілі ўвоз на тэрыторыю Расеі больш за 300 тысяч яек, вырабленых птушкафабрыкай. Тады прычынай для забароны на ўвоз сталі не антыбіётыкі, а парушэнні ў афармленні маркіроўкі грузу.