Матч 7-га туру чэмпіянату Беларусі ў Вышэйшай лізе міні-футбола прынёс шмат радасці аршанскаму "Вітэну". "Чырвона-чорныя" здабылі пераканаўчую вікторыю над "Барысавам-900", ды яшчэ і на яго пляцоўцы! Паклаў пачатак разгрому барысаўчанаў Клачко, які на 14-й хвіліне рэалізаваў пенальці за гульню рукой. На 23-й хвіліне аршанцы вызначыліся голам з вуглавога ўдару. Вяршынін падаў, а Чарніенка замкнуў падачу - 2:0!
Далей - болей. На старце другога тайму Чарніенка рэалізаваў шанец, прадастаўлены яму Гусаковым. А на 30-й хвіліне гулец "Барысава-900" Ткачук за ўдар лакцём Дзядзічкіна быў выдалены з поля. Стала канчаткова ясна - "Вітэн" паедзе дамоў з перамогай у кішэні. Так яно і сталася. Большасць аршанцы рэалізавалі праз некалькі секундаў - Кардоба асіставаў Гусакову, а той правёў чацвёрты гол у браму Ванчукевіча. Барысаўчанам заставалася толькі выпусціць брамніка-ганялу, каб хаця б скараціць разрыў у ліку. Аднак замест гэтага разрыў павялічыўся. На 34-й хвіліне Падалінскі забіў мяч у пустую браму гаспадароў. Пераканаўчая перамога "Вітэна" 5:0, аршанцы пачынаюць выпраўляць свае пазіцыі ў турнірнай табліцы чэмпіянату.
Аршанцы пасля перамогі падняліся на 6-ты радок у табліцы. Акрамя таго, з лагеру "Вітэна" ёсць яшчэ адна цудоўная навіна: адзін з лідэраў каманды Юрый Алейнікаў нарэшце акрыяў ад траўмы і прыступіў да заняткаў у агульнай групе. Магчыма, ён згуляе ўжо ў наступным матчы клуба.