Да фінішу чэмпіянату Беларусі ў І лізе застаюцца тры туры. Футбалісты сталічнага "Тарпеда" займаюць другое месца ў табліцы і прэтэндуюць на павышэнне ў класе. Тарпедаўцы блізкія да таго, каб вярнуцца ў Вышэйшую лігу больш чым праз дзесяцігоддзе. Аршанцы не перамагаюць ужо чатыры матчы запар і апусціліся на 11-ты радок табліцы. Пасля гасцявой перамогі над "Слонімам" "сіня-белыя" прайгралі "Смалявічам", "Белшыне" і "Асіповічам" і згулялі ўнічыю з "Лідай".
З "Тарпеда" аршанцы ўпершыню сустрэліся ў 1962 годзе. А ўжо ў часы незалежнай Беларусі "Орша" згуляла з менскімі аўтазаводцамі 5 разоў, але ні разу не перамагла. Гэтыя матчы ўмясцілі ў сябе дзве нічыі і тры паразы.
Чарговы матч "Орша" — "Тарпеда" адбудзецца ў суботу, 28-га кастрычніка на Гарадскім стадыёне Оршы. Пачатак а 15:00. Галоўным арбітрам матчу будзе Сяргей Стэцурын з Берасця, а дапамогуць яму землякі Віталь Жук і Дзяніс Пашкевіч.