У матчы 28-га туру чэмпіянату Беларусі па футболе ў І лізе "Орша" прымала менскае "Тарпеда". Варта адзначыць, што пад канец сезону рэзка знізілася наведваемасць матчаў, на стадыёне, згодна нават з афіцыйным пратаколам, у які, як вядома, нярэдка робяцца прыпіскі, прысутнічалі ўсяго 315 чалавек. У першым тайме аршанцы былі прыціснутыя да сваёй брамы і збольшага абараняліся. На 20-й хвіліне Мікіта Пацко вывеў тарпедаўцаў наперад. Але ў другім тайме гледачы пабачылі зусім іншую каманду, калектыў, гатовы да атакі. Аршанцы змарнавалі некалькі момантаў, аднойчы мяч пасля ўдару аршанца трапіў у папярэчыну і ўпаў каля лініі брамы. Спрэчны эпізод, ці быў гол. Аднак суддзя вырашыў, што мяч залічваць нельга.
Аднак аршанцы ўсё адно дамагліся свайго. Пераадольваючы сур'ёзны супраціў "Тарпеда", якое рабіла ўсё магчымае для перамогі, "Орша" зраўняла лік. На 72-й хвіліне Хадневіч карыстаецца памылкай брамніка аўтазаводцаў Францкевіча, і 1:1! У выніку нічыя 1:1, якая радуе прыхільнікаў сіня-белых і істотна перашкаджае "Тарпеда". Цяпер чорна-белыя ўпалі на 3-е месца і могуць не трапіць у Вышэйшую лігу.
Склад "Оршы": Харытонаў, Вараб'ёў, Пракопчык, Мараў, Хількевіч, Шчарбакоў, Жданок, Раджабаў, Знак (Трачынскі, 46; Мінянкоў, 90), Кітаёў (Юрчанка, 59), Сазанкоў (Хадневіч, 46).