Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) дыскваліфікаваў чатырох расейскіх лыжнікаў, сярод якіх ёсць і жанчыны, за парушэнне антыдопінгавых правілаў. Гэта датычыцца Алімпійскіх гульняў у Сочы ў 2014 годзе. Прычым тут беларус Сяргей Далідовіч? Справа ў тым, што ў мужчынскай гонцы на 50 кіламетраў удзельнічаў цяпер дыскваліфікаваны Максім Вылягжанін, які тады заваяваў срэбра. Паколькі антыдопінгавыя правілы расейцам былі парушаныя, ён мусіць вярнуць медаль. А яшчэ раней за допінг быў дыскваліфікаваны пераможца той гонкі, яшчэ адзін прадстаўнік Расеі Аляксандр Лягкоў. Такім чынам, Далідовіч, які тады стаў 5-м, пасля дыскваліфікацый расейцаў становіцца трэцім, а значыць, бронзавым прызёрам Алімпіяды.
Золата пасля рашэнняў камітэту атрымае іншы прадстаўнік Расеі - Ілля Чарнавусаў, а срэбра Марцін Сундбю з Нарвегіі. Аднак атрымаць грашовае ўзнагароджанне Далідовіч, верагодна, не зможа. Прайшло 3 гады, а спартовыя чыноўнікі закрылі ведамасці і, калі судзіць па іх фразах, не надта схільныя ўздымаць тое пытанне. А між іншым, за бронзавы медаль на Алімпіядзе-2014 у Сочы Нацыянальны алімпійскі камітэт плаціў 50 тысяч даляраў.
Уладзімір Несцяровіч, прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму, у каментары "Нашай Ніве" паведаміў:
Сітуацыя складаная. Трэба будзе вывучаць усе падставы. Пытанне трэба вырашаць комплексна. Цяпер пытанне прапрацоўваецца на заканадаўчым узроўні, у тым ліку і вяртанне спартсменам грошай дзяржаве, калі спартсмена злавілі на допінгу. Рыхтуецца гэта ў выглядзе дэкрэта аб барацьбе з допінгам. Пройдзе ці не — паглядзім. Што тычыцца грошай за бронзу Далідовіча, то сапраўды, казаць пра гэта пакуль рана. Але ў мінулых выпадках беларусам, якія атрымлівалі медалі пасля дыскваліфікацыі супернікаў, грашовыя выплаты за прызавыя месцы не давалі. Таксама, грошы не забіралі ў тых, хто быў дыскваліфікаваны праз нейкі час пасля спаборніцтваў.
Шкада, бо грошы б Далідовічу яўна спатрэбіліся. Улетку ён з дапамогай сваіх заўзятараў сабраў грошы на падрыхтоўку да сваёй 7-й Алімпіяды, якая пройдзе ўзімку 2018 года ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане.