Найперш аршанская сустрэча ў Кубку Беларусі па міні-футболе стала магчымай з-за змены схемы правядзення розыгрышу. Сёлета ўжо не будзе "фіналу чатырох", які раней вызначаў уладальніка трафею. Дуэлі 1/16 і 1/8 складаюцца з аднаго матчу, а стадыі 1/4 і 1/2 фіналу будуць праводзіцца ў два матчы, дома і ў гасцях для супернікаў. Фінал будзе праведзены адным матчам.
Ну а пакуль Кубак толькі стартуе, пары 1/16 фіналу фармаваліся паводле тэрытарыяльнага прынцыпу. Так што на першы погляд сустрэча аршанскіх каманд нечаканая, але насамрэч да гэтага спрычынілася новая схема. Матч пройдзе ўжо 2-га снежня ў спартовым комплексе "Алімпіец" у Оршы. "Вітэну" будзе супрацьстаяць каманда "Спорт-Вэй", якая мае статус аматараў і таксама прадстаўляе Оршу. Матч адбудзецца 2-га снежня а 14:00. Кошт квітка 1,5 рублі.
Пераможца пары, у кожным выпадку аршанскі клуб, сустрэнецца ў 1/8 фіналу з пераможцам дуэлі "Маньковічы" (Столін, аматарскі клуб) — "Аматар" (Берасце). Той паядынак запланаваны на 23-га снежня.